21 лютага 2022 года, напярэдадні святкавання 82-годдзя ўніверсітэта, у галерэі "UNIVERSUM” адкрылася выстава "Родныя вобразы".
На выставе прадстаўлены карціны традыцыйных акадэмічных жанраў – нацюрморта і пейзажа. Тэма радзімы знайшла свой выяўленчы вобраз у паэтыцы пейзажных матываў і кампазіцыях нацюрмортаў, якія адлюстроўваюць самабытнасць матэрыяльнай культуры Беларусі. Пачуццёвае пазнанне прыгажосці роднай зямлі стала галоўным лейтматывам ідэйнага пачатку экспазіцыі. Прырода як крыніца натхнення, творчасці і фантазіі, як сіла і энергія, як настальгія знайшла сваё адлюстраванне на жывапісных палотнах.
Працы студэнтаў сведчаць аб сур'ёзнай прафесійнай падрыхтоўцы, шырыні творчых інтарэсаў і дасканалым валоданні рознымі тэхнікамі. Кожны з твораў дазваляе меркаваць аб асаблівасцях светаўспрымання аўтара, яго чалавечых схільнасцях, а таксама яго ўменні самабытна і вобразна ўвасобіць задуманае.